Филиал «Новополоцкводоканал»
витебского областного коммунального унитарного
предприятия водопроводно-канализационного
хозяйства «Витебскоблводоканал»

Гаспадарыць ашчадна

Наш суразмоўца — дырэктар ДП “Наваполацкводаканал” Аляксей Ларын.

— Апошні раз журналісты “Звязды” былі ў вашым калектыве амаль два гады таму. За гэты час вы сталі ўдзельнікамі цікавага эксперыменту.

— На мэце яго была аптымізацыя структуры кіравання гарадской жыллёва-камунальнай гаспадаркай. Ён завяршыўся паспяхова, і ў выніку мы атрымалі эканамічную самастойнасць. Эксперымент праводзіўся па ініцыятыве віцэ-прэм’ера Анатолія Мікалаевіча Калініна і згодна з рашэннем Наваполацкага гарвыканкама, на базе КУП ЖКХ з яго даччынымі  прадпрыемствамі. Усе яны былі рэарганізаваны, атрымалі юрыдычную самастойнасць і за прайшоўшы час паказалі сваю фінансавую самадастатковасць. А “Водаканал” за гэты час зрабіў такія крокі, і перш за ўсё ў тэхнічным перааснашчэнні, які не мог зрабіць на працягу дастаткова працяглага часу.

Замянілі ўсю землярыйную тэхніку, і перш за ўсё набылі новыя экскаватары. Купілі каналапрамывачную машыну, новы гідраманітор для прачысткі каналізацыйных сетак, самазвал, трактар. Плюс тое, што называецца малой механізацыяй і што адразу адбілася на аснашчанасці аварыйных брыгад інструментамі, якаснымі матэрыяламі, запчасткамі, спецвопраткай, разнастайнымі прыстасаваннямі для аператыўнага выканання работ. Зараз у кожнай аварыйнай брыгады  — дызельгенератар, мотапомпа і многае іншае, што дазваляе мінімізаваць тэрміны выканання аварыйна-аднаўленчых работ.

Прадстаўляем суразмоўцу. Сям’я Ларыных прыехала ў Наваполацк у 1978 годзе, з таго часу Аляксей Генадзьевіч лічыць сябе карэнным навапалачанінам. Закончыў Наваполацкі палітэхнічны інстытут. Прыйшоў на “Водаканал” начальнікам цэха. Вырас да генеральнага дырэктара. Затым да рэарганізацыі кіраваў КУП ЖКХ. Пасля яе вярнуўся ў свой калектыў і ўзначаліў яго. Ганаровы работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Ацаніце лічбы: план мадэрнізацыі прадпрыемства за 2014 год выкананы на 187,8 %, на  гэтыя мэты затрачана 4 мільярды 600 мільёнаў беларускіх рублёў. А план інвестыцый у асноўны капітал у супастаўных цэнах за 2014 год перавыкананы і складае 152,4 працэнта. Усяго ў асноўны капітал накіравана больш за 9,6 млрд. рублёў.

— Гэта значыць, ваша фінансавая самастойнасць становіцца адным з бясспрэчных стымулаў паспяховай працы…

— Які дае матывацыю калектыву зарабляць грошы. Людзі не толькі добрасумленна займаюцца сваімі прамымі службовымі абавязкамі, але і аказваюць арганізацыям і насельніцтву дадатковыя платныя паслугі — па пракладцы сетак у прыватным сектары, выкананні зварачных работ па эскізах, такарных работ, лабараторных аналізаў, адкрыта свая мыйка для аўтатранспарту.
Гэта стымул для больш узважанага падыходу да інвесціравання заробленых сродкаў, больш эфектыўнага іх выкарыстання. У ранейшых рамках дабіцца гэтага было практычна немагчыма, бо адчуваўся дэфіцыт бюджэтнага фінансавання, калі закрываліся ў першую чаргу найбольш вострыя пытанні.

Увогуле, наша стратэгія і тактыка скіраваны на павышэнне рэнтабельнасці працы прадпрыемства. У гэтым сэнсе не можа не радаваць, што мы дасягнулі апераджальнага тэмпу росту даходаў над ростам затрат на вытворчасць прадукцыі. У многім дзякуючы і таму, што ўдалося аптымізаваць вытворчую структуры, знізіць транспартныя і накладныя расходы і знізіць невытворчыя страты вады. Усяго адзін прыклад. Складаную задачу для кіраўніцтва любога калектыву прадстаўляе аптымізацыя колькаснага яго саставу. Нам удалося гэта зрабіць без вялікага вызвалення работнікаў на рынак працы, а за кошт так званага натуральнага скарачэння. І калі па стане на 1 студзеня 2013 года працавала 417 чалавек, то на 1 студзеня 2015 года ўжо 384. І гэта не гледзячы на тое, што прыняты на баланс новыя аб’екты — водаправодныя і каналізацыйныя сеткі, сеткі дажджавой каналізацыі, павышальныя насосныя станцыі, ачышчальныя збудаванні г.п. Баравуха і іншае.

Мы разумеем, што значную ўдзельную вагу ў цякучых затратах маюць матэрыяльныя рэсурсы, асабліва энергарэсурсы, іх рацыянальнае і эканомнае выкарыстанне значна зніжае сабекошт адзінкі прадукцыі. За два мінулыя гады правялі рад энерга-і рэсурсазберагальных мерапрыемстваў, і ў выніку летась нават пасля павелічэння колькасці памяшканняў для абагрэву расходы на цеплавую энергію ўзраслі толькі на 8 %, пры тым, што вартасць (стоимость) па цяплу ўзрасла ў сярэднім за год на 15,6 % ў параўнанні з адпаведным перыядам 2013 года. А па артыкулу “Электрычная энергія” расходы ў сходнай сітуацыі ўзраслі на 5,6 % пры павелічэнні кошту 1 кВтч на 15,3 % у адносінах да мінулага году.

Свой плён далі замена пагружных помпаў на водазаборы “Акунёва”, устаноўка 263 энергаэфектыўных свяцільнікаў, замена на некалькіх КНС-ках помпаў на больш прагрэсіўныя і іншае. Устанаўліваем толькі прагрэсіўнае абсталяванне. Летась на аб’ектах, дзе няма цэнтралізаванага гарачага водазабеспячэння і забеспячэння цяплом, пачалі ўкараняць цеплавыя помпы, яны выкарыстоўваюць энергію паветра і вады. Да гэтага часу задача вырашалася электраацяпленнем. А вось для гарачага водазабеспячэння помпавай станцыі трэцяга пад’ёма ў летні час устаноўлена сонечная воданагравальная сістэма.

Наша звышзадача — забяспечыць горад якаснай вадой. Вада ў Наваполацку вельмі смачная, уся — з артэзіянскіх свідравін. Але будзе апраўданым сказаць, што высокая якасць  пітной вады забяспечваецца і стараннай працай калектыву “Вадаканала”. У нас працаздольны дружны калектыў, і калі кіраўніка просяць назваць імёны лепшых, заўсёды трапляеш у не вельмі лёгкае становішча, бо называць патрэбна ледзьве не ўсіх. У нашай з вамі размове ўдзельнічае Ірына Яўгенаўна Зернякова. Яна “Чалавек года Віцебшчыны”, як і слесар-рамонтнік Аляксандр Аляксандравіч Мацуганаў. Вышэйшай узнагародай міністэрства  — Знакам “Ганаровы работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі” узнагароджаны 12 чалавек. Добрыя словы можна сказаць у адрас начальніка цэха вадаправодна-каналізацыйных сетак Уладзіслава Мікалаевіча Прарубшчыкава. Цудоўны калектыў на ўчастку вадаправодных сетак — там летась брыгадзір слесараў АВР Дзмітрый Аляксандравіч Сташкевіч удастоены звання “Залатыя рукі”. Надзвычай высокакваліфікаваны ў нас склад выпрабавальнай лабараторыі на чале з Аленай Іпалітаўнай Волкавай. Яны выпрабоўваюць якасць вады — пітной і сцёкавай, пробы бяруць кругласутачна. Тут таксама выкарыстоўваюцца новыя тэхналогіі, нядаўна набылі атамна-абсарбцыйны спектрометр коштам амаль 700 мільёнаў рублёў, такіх у Беларусі не шмат.

Назваць можна вельмі многіх, бо заслугоўваюць. Карыстаюся выпадкам, каб павіншаваць свой калектыў і ўсіх калег са святам — Днём работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

«ЗВЯЗДА»
19 сакавiка 2015 года
№ 52 (27910)

Для слабовидящих

Водопад новостей