Жыццятворная сіла вады

Адзін з перадавых калектываў горада — вытворчае камунальнае ўнітарнае прадпрыемства «Наваполацкводаканал», якое ўзначальвае Аляксей Ларын. Сёння Аляксей Генадзевіч — суразмоўца карэспандэнтаў «Звязды».

 Асноўныя напрамкі дзейнасці калектыву:

1. Здабыча вады і давядзенне яе якасці да нарматыўных патрабаванняў у адпаведнасці з СанПіН 10-124 РБ 99 і ГН 10-117-99.

2. Транспартаванне пітной вады спажыўцам.

3. Прыём і транспартаванне сцёкавых водаў на ачышчальныя збудаванні.

4. Абслугоўванне ўнутрыквартальных цеплавых сетак, сетак дажджавой каналізацыі, кабельных ліній нізкага і высокага напружання, гарадскіх фантанаў і лазняў.

 Прадстаўляем суразмоўцу

Аляксей Генадзевіч родам з Расіі, але ў Беларусі жыве даўно і лічыць сябе чалавекам мясцовым. Прыехаў сюды ў 1978 годзе разам з маці, якая была запрошана на работу ў Наваполацкі політэхнічны інстытут. Зараз яна — дацэнт, кандыдат навук.

Закончыў Наваполацкі політэхнічны інстытут па спецыяльнасці «Водазабеспячэнне і каналізацыя» і прыйшоў на працу ў «Водаканал». Пачынаў з пасады начальніка цэха водазаборных і водаачышчальных збудаванняў, потым працаваў галоўным інжынерам прадпрыемства, намеснікам генеральнага дырэктара, генеральным дырэктарам КУП ЖКГ. Пасля рэарганізацыі вярнуўся ў родны калектыў і ўзначаліў яго.

Пра сябе гаворыць так: «Лічу сябе стапрацэнтным камунальшчыкам, усё свядомае жыццё прысвяціў камунальнай гаспадарцы горада Наваполацка. Гэта тое, што мне блізкае і роднае. Як і, спадзяюся, маім калегам».

Узнагароджаны Знакам «Ганаровы работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі».

— Новапалачане ганарацца сваёй вадой, — пачынае гутарку Аляксей Генадзевіч. — Забеспячэнне Наваполацка вадой з 1991 года ажыццяўляецца з водазабору «Акунёва», які знаходзіцца ў 18 кіламетрах ад горада, на возеры Акунёва. Там прабураны 42 артэзіянскія свідравіны на глыбіню ад 110 да 180 метраў, якія ажыццяўляюць падачу вады па трубаправодах да станцыі абезжалезвання. Яе прадукцыйнасць — каля 90 тысяч кубаметраў за суткі. Сёння гораду патрэбна менш, значыць, існуе запас магутнасцяў па ачыстцы вады.

— Раскажыце, Аляксей Генадзевіч, якім чынам дасягаецца высокая якасць вады для горада?

— Першапачатковая колькасць жалеза ў ваданосным пласце складае  да 5 мг на метр кубічны, у выніку ачысткі маем 0,1 мг на літр пры ПДК 0,3 мг на літр. А даволі часта маем толькі тое, што называецца «слядамі жалеза».

Такую вось сур’ёзную велічыню здымаем на нашых ачышчальных збудаваннях з дапамогай тэхналогій, у аснове якіх ляжыць выкарыстанне кварцавага пяску. Усяго некалькі радовішчаў такога пяску ёсць у Расіі, адкуль мы яго і атрымліваем. Дасыпка выконваецца пяском з кар’ера Мікашэвіцкага ААТ «Граніт».

Што датычыць абеззаражвання, то мы прайшлі як бы некалькі стадый гэтага працэсу. Спачатку згодна з праектам выконвалі яго з дапамогай вадкага хлору. Калі хімічна небяскрыўдны аб’ект апынуўся ў раёнах жылой забудовы — з-за хуткага тэмпу пашырэння межаў горада, перайшлі на выкарыстанне больш бяспечнага дыяксіду хлору на нямецкім абсталяванні. Гэтая тэхналогія выкарыстоўвалася прыкладна пяць гадоў. Але рэагенты для такога віда абеззаражвання вельмі дарагія, даводзілася набываць іх за мяжой за валюту. І ў апошнія гады выкарыстоўваем вадкі гіпахларыд натрыя, які атрымліваем у Расійскай Федэрацыі.

У выніку бактэрыяльныя паказчыкі адпавядаюць СанПіНу, ніякіх тэхналагічных, скажам так, пахаў у вады няма, яе можна спакойна піць з-пад крана і не баяцца. Водаправодная вада сертыфікаваная, мы ў ліку першых у рэспубліцы, яшчэ ў 2001 годзе, атрымалі сертыфікат адпаведнасці. Пазней былі атрыманы так званыя дэкларацыі аб адпаведнасці патрабаванням санітарных нормаў і правілаў. А больш за пяць гадоў таму для ўмацавання даверу з боку спажыўца распрацавалі і ўкаранілі сістэму менеджменту якасці СТБ ІСО 9001-2001. Так што якасць, чысціня вады пацверджана дакументамі розных узроўняў.

На варце якасці — і даволі буйная акрэдытаваная лабараторыя, якая дзеліцца на некалькі структурных падраздзяленняў. Лабараторыя хіманалізаў размяшчаецца на станцыі абезжалезвання, яе дзяжурная служба працуе кругласутачна. А пастаянны, больш разгорнуты аналіз выконваецца на працягу ўсяго рабочага дня. У канцы мінулага года ўласнымі сіламі завяршылі рамонт будынка ў раёне завода БВК, і на другім яго паверсе зараз функцыянуе цэлы комплекс сучасных лабараторый, аснашчаных па апошнім слове тэхнікі — там размясціліся бактэрыялагічная лабараторыя і лабараторыя сцёкавых водаў. Адпаведная служба ёсць у гарадскім пасёлку Баравуха.

Нейкіх рэзкіх змяненняў якасці вады ў нас не бывае, невялікія адхіленні звязаны з сезонам. Ваданосныя гарызонты рэагуюць на таянне снегу, на паводкі, паступленне рачных водаў падчас «вялікай вады». Гэта трохі пагаршае зыходныя параметры, але мы з гэтым спраўляемся. Перавышэння гранічна дапушчальнай канцэнтрацыі не назіраецца.

— Тэхнічны прагрэс у галіне даволі імклівы. Наколькі вы паспяваеце тэхнічна пераўзбройвацца?

— Нашы тэхналогіі грунтуюцца на выкарыстанні сучаснага абсталявання. Увесь тэхналагічны працэс водазабеспячэння і водаадвядзення горада вядзецца і кантралюецца АСУ ТП на базе ПТК «Сірыус» у рэжыме рэальнага часу. Дзяжурны персанал бачыць кантрольныя паказчыкі, счытвае тэхнічную інфармацыю з усяго тэхналагічнага комплексу і можа рэгуляваць падачу вады з водазабора, аператыўна рэагаваць на любую сітуацыю. Гэта надзейная сістэма, якую мы ўкаранілі аднымі з першых у рэспубліцы.

Працэс тэхпераўзбраення, мадэрнізацыі і звязанага з ёю энергазберажэння можна назваць перманентным, бо ён ніколі не спыняецца. Прадпрыемства, калі яно хоча развівацца, мусіць займацца гэтым пастаянна. Мы аднымі з першых, яшчэ ў 1997 годзе ўкаранілі на помпавай станцыі трэцяга пад’ёму частотна рэгулюючы прывад (частотны пераўтваральнік) SАMІ — F вытворчасці фінскай фірмы АBB, які дазволіў падтрымліваць у водаправоднай размеркавальнай сетцы пастаянны ціск, пазбегнуць гідраўдараў і мякка, ашчадна эксплуатаваць разводзячую сетку горада, пры гэтым адчувальна эканоміць электраэнергію. Бо зменшыліся колькасць парываў на сетках, колькасць уцечак і адпаведна — затраты на аварыйна-аднаўленчыя работы.

Зараз частотнікамі аснашчаны ўсе каналізацыйна-помпавыя станцыі. На іх мы пачалі прымяняць прыстасаванне плаўнага пуску.

Прымяняем новыя тэхналогіі і ў правядзенні аварыйна-аднаўленчых работ. Адна з асноўных задач — устараненне аварыйных сітуацый у максімальна кароткі час. Набываем для гэтага новую тэхніку, якая дапамагае мінімізаваць затрачаны час. Раней, калі мы знаходзіліся ў складзе КУП ЖКГ і не з’яўляліся самастойнай юрыдычнай асобай, рашэнне гэтых пытанняў давалася складаней. За паўгода самастойнага жыцця ўдалося за кошт уласных сродкаў набыць новы экскаватар, трактар «Беларус», самазвал «МАЗ». У планах — далейшае абнаўленне аўтамабільнага парка. Закупілі сучасныя генератарныя ўстаноўкі, сучасную водапомпавую тэхніку, якая выкарыстоўваецца пры правядзенні аварыйна-аднаўленчых работ. Набылі каля шасці адзінак новага помпавага энергаэфектыўнага абсталявання, устанаўліваем яго на водазаборы. Імкнёмся ўкараняць усе навінкі, што з’яўляюцца ў галіне.

Так што развіваемся, бачым далейшыя перспектывы. І бачым свае «вузкія месцы», ліквідуем іх.

— Пагаворым на яшчэ адну актуальную тэму — зніжэнне спажывання вады. Хоць гэта вам як бы эканамічна і не выгадна.

— Тым не менш пра эканомію клапоцімся. Зараз 98 працэнтаў жыллёвага фонду горада аснашчаны прыборамі ўліку вады. Іх устаноўка дала першую хвалю эканоміі. Насельніцтва пачало больш ашчадна падыходзіць да спажывання вады. Асабліва калі была ўведзена дыферэнцаваная аплата за паслугі водазабеспячэння і каналізацыі. Эканоміць пачалі і прадпрыемствы, там праводзяцца свае мерапрыемствы ў гэтым кірунку. І ў дынаміцы наглядаецца тэндэнцыя зніжэння спажывання вады ў горадзе.

У Наваполацка свая спецыфіка. Горад малады, прыватны сектар фактычна адсутнічае. Уся катэджная забудова падключана да сістэм каналізацыі і водазабеспячэння. Праўда, ёсць прыватны сектар у гарадскім пасёлку Баравуха, які летась адзначыў сваё 200-годдзе. Гэта прыкладна 500 прыватных домаўладанняў, і там сітуацыя крышку іншая. У нас распрацаваны праект будаўніцтва новага вадавода па прыватнай забудове. Пасля выдзялення сродкаў на будаўніцтва якасная вада прыйдзе і ў прыватныя дамы.

Важна, што ў шматпавярховым горадзе няма праблем з ціскам вады, яна падаецца раўнамерна. Наогул ваду падаём згодна з нарматывамі. І сацыяльныя стандарты па забеспячэнні насельніцтва па сваёй галіне выконваем. Дзякуючы яшчэ і таму, што ёсць падтрымка і поўнае ўзаемаразуменне з гарадскімі ўладамі.

Якія ў нас рэзервы паляпшэння абслугоўвання насельніцтва? На наступны год прадугледжана фінансаванне па праграме «Чыстая вада» — на працяг будаўніцтва каналізацыйнага калектара для ачышчальных збудаванняў завода «Палімір» (другой чаргі). У апошнія гады выдзелены вялікія сродкі з рэспубліканскага бюджэту і мясцовых бюджэтаў і вядзецца планамерная работа па поўным пераводзе горада на закрытую сістэму гарачага водазабеспячэння — з ЦЭЦ.

Аказваем дадатковыя паслугі насельніцтву — па пракладцы сістэм водазабеспячэння і каналізацыі, па ўстаноўцы тых жа прыбораў уліку, па рамонце аргтэхнікі. Дзейнічае служба «аднаго акна».

— Толькі за апошні час «Водаканал» двойчы заносіўся на гарадскую Дошку гонару…

— Прадпрыемства паспяхова выконвае прагнозныя паказчыкі эканамічнага развіцця, павышае фінансавую стабільнасць, сацыяльную абароненасць калектыву. Рост выручкі за першы квартал бягучага года ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года склаў 249 працэнтаў (без уліку дзяржаўных субсідый). Тэмп росту сярэднямесячнай заработнай платы — 153 працэнты пры росце прадукцыйнасці працы 248 працэнтаў. Прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі за першы квартал — 688 млн рублёў.

Дабіцца такіх паказчыкаў без удзелу кожнага работніка прадпрыемства было б немагчыма. Працоўны ўклад калектыву высока ацэнены на рэспубліканскім і абласным узроўні. Шэсць чалавек узнагароджаны Ганаровым знакам «Заслужаны работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі». Дваім — І.Я. Зерняковай і А.А. Мацуганаву — прысвоены званні «Чалавек года Віцебшчыны». Работнікі прадпрыемства выходзяць пераможцамі гарадскога штогадовага конкурсу «Залатыя рукі». І гэта чыстая праўда: рукі ў нашых спецыялістаў — залатыя!

«ЗВЯЗДА»
06 чэрвеня 2013 года
№ 102 (27467)